Гісторыя Засулля
Засулле вядома з 1487 г. Да 1592 г. вёскай і маёнткам валодалі татарскія князі Уланы (Уланавічы). У 1592 г. 38 двароў, 15 з іх размяшчаліся на правым беразе р. Ліўі (цяпер в. Зарэчча), а астатнія — на тэрыторыі сучаснага Засулля. У Засуллі ў той жа час жылі баяры, цяглыя людзі, бортнікі, агароднікі. Паблізу двара знаходзіліся млын і мячэць. У 1592 г. большая частка Засулля была набыта ў выніку абмену князем Ярашам Жыжэмскім. Жыжэмскія валодалі Засуллем і ў 17—18 ст. У гэты перыяд вёска знаходзілася на важным гандлёвым шляху Менск—Мір. Тут былі карчма і пастаялы двор. У 1710 г. ў Засуллі існавала царква. Новая вуніяцкая царква Іаана Хрысціцеля была пабудавана ў 1784 г. У канцы 18 ст. Яцэк Жыжэмскі прадаў Засулле падкаморыю рэчыцкаму Юзафу Дзерналовічу. Меншая частка маёнтка належала некалькім татарскім родам. З 1793 г. Засулле ў складзе Расейскай імперыі, сяло, цэнтр воласці Мінскага павета Мінскай губерні.
У 1795 г. ў Засуллі 40 двароў, 224 жыхары, у Зарэччы — 27 двароў, 147 жыхароў. У цэнтральнай частцы Засулля, недалёка ад маёнтка, паступова фармавалася мястэчка (3 двары, дзе жылі каваль, ганчар і кравец, усяго 18 жыхароў). У святочныя дні і па нядзелях тут адбываліся невялікія таргі. На тэрыторыі маёнтка дзейнічалі сукнавальня і млын. У 1-й палове 19 ст. ўладальнікамі Засулля сталі Крупскія. На 1.1.1870 г. у вёсцы 155 жыхароў. У 1864 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1880-я г. 59 двароў, 300 жыхароў; царква, школа. У 1897 г. 95 двароў, 548 жыхароў, у Зарэччы — 48 двароў, 247 жыхароў. У пачатку 20 ст. 114 двароў, 737 жыхароў; у маёнтку 1 двор, 7 жыхароў; у Зарэччы 66 двароў, 428 жыхароў. З сакавіка 1918 г. уваходзіць у склад абвешчанай БНР. З 1921 г. ў складзе Польшчы. Паводле перапісу 1921 г. назву Засулле насілі вёска (139 двароў, 730 жыхароў) і фальварак (7 двароў, 53 жыхары). Вёска з'яўлялася цэнтрам гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы. З 1939 г. вёска ў складзе БССР. З 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета. У пачатку Другой сусветнай вайны частка вёскі спалена. У 1950-я г. мясцовымі ўладамі зруйнавана старажытная царква. У 1971 г. 281 двор, 984 жыхары.
На 1.1.2004 г. 159 двароў, 312 жыхароў, Дом культуры, бібліятэка, філіял Шашкоўскай школы мастацтваў, урачэбная амбулаторыя, сярэдняя школа, дзіцячы сад, АТС, аптэка, паштовае аддзяленне сувязі, філіял ААБ «Беларусбанк», комплексна-прыёмны пункт, 2 магазіны. У 1990-я г. пабудавана новая праваслаўная царква. У 1967 г. ўстаноўлены абеліск на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. Засулле — цэнтр Засульскага сельсавета, цэнтральная сядзіба СВК «Каганец».
У вёсцы захаваліся драўляны сядзібы дом, фрагмэнты парку і бровару, якія належылі Крупскім. У Засуллі прайшлі дзіцячыя і юнацкія га-ды беларускага пісьменніка і мастака Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага; 1868—1918).